Да веры, да скарбаў, да святыняў

3.9.2015
3 верасня адбылася сустрэча навучэнцаў 8-10 класаў з паэтам Міхасём Захаравічам Башлаковым.

Мы ўсе ў дарозе да нацыянальных святыняў, да веры, да сапраўдных скарбаў. У паходзе вялікія і малыя, вопытныя і адказныя, нясталыя і даверлівыя. Урок-напамінак пра нацыянальны скарб — мову, пра грамадзянскую адказнасць за яе лёс і перспектыву дапамог наладзіць настаўнікам і вучням паэт Міхась Захаравіч Башлакоў. Не заслужаныя тытулы  творцы, а найперш шчырасць, нераўнадушша да лёсу мовы, зямлі, часу, веры, што гучалі ў вершах, скарылі слухачоў-вучняў. Адчуваўся асабісты непакой, што лёгка адракаемся ад матчынага слова, страчваем памяць, ніякавее гонар сучасніка-беларуса. Да бясспрэчнай высновы прывёў слухачоў выступоўца: на зямлі трэба быць гаспадарамі і крочыць упэўнена, быць разборлівымі ў выбары сяброў і спадарожнікаў, не цурацца слова і песні беларускай, быць шчырымі вернікамі і не ляніцца ачышчаць уласную душу. Парады і зычанні аўтарытэтнага прамоўцы маладымі пачуты, здольнасці творцы удзячна ацэнены.

Барысік Т.М., кіраўнік метадычнага аб’яднання настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры.