Экскурсія ў Нясвіж

18.05.2019

18 мая члены пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі ДУА “Сярэдняя школа  № 1 г. Івацэвічы” наведалі горад Нясвіж. Пешаходная экскурсія дала магчымасць пазнаёміцца з мінулым і сучаснасцю горада. Таксама група наведала Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік “Нясвіж”. У Нясвіжскім замку – помніку архітэктуры 16-18 стагоддзяў – ішла “актыўная падрыхтоўка да візіту польскага караля”, таму кожную групу сустракалі Радзівілы, гаспадары замка. Усіх вельмі ўразіла раскоша княжацкіх пакояў і веліч самога замка.

 Пасля Нясвіжа наша група накіравалася ў Мірскі замак, дзе мы сталі сведкамі мерапрыемстваў, якія праводзіліся ў рамках Сусветнага дня музеяў. Ва ўнутраным дворыку замка ўсе жадаючыя маглі паглядзець тэатральную пастаноўку паводле рамана У. Караткевіча “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”.

Аказваецца, каб пазнаёміцца з узорамі сусветнай архітэктуры, зусім не абавязкова выязджаць за мяжу. Дастаткова павандраваць па роднай краіне.