Вучыцеся перамагаць

03.02.2018

Сустрэча вучняў з былымі выпускнікамі пачалася як толькі развіднела. Яе ініцыятыву падалі неўтаймаваныя баскетбалісты 1980-1990; 2000-2010 гадоў. Прыняўшы прапанову, вучні і настаўнікі рыхтаваліся да паядынку. Вядома ж, у свой час не было роўных Рэгісу Вячаславу, Глушэню Сяргею, Яворскаму Алегу, Кулецкаму Аляксандру, Васілевічу Сяргею, Гесцю Вадзіму,  Круку Аляксандру, Гойшыку Максіму, Мікіціку Мікіту, Лушчу Андрэю, Шымановічу Дзмітрыю, Майсюку Сяргею, Цярэшку Сяргею, Лінцэвічу Дзянісу, Касаўцу Дзмітрыю, Шылу Максіму, Пестраку Аляксею, Голубу Вадзіму.

З такімі не пашуткуем. Пасталелыя, з добрым набыткам гадоў і вагавых паказчыкаў, выпускнікі 80-90 гадоў адчувалі сябе ўпэўнена. З першых хвілін далі зразумець: мы ў форме, вучыцеся гуляць і перамагаць. Трываласць, вопыт выпускнікоў аказаліся мацнейшымі за юнацкі запал і ўвішнасць нас, сённяшніх навучэнцаў. Але такім і прайграць – адна асалода. Вяртанне на школьную баскетбольную пляцоўку адбылося, азарт і таварыскасць панавалі ў зале. Гатовы рыхтавацца да новых сустрэч, будзем верыць і намагацца, каб спраўдзіліся нашы перамогі ў стылі і манеры выпускнікоў.

 Тарчыла Сяргей, капітан баскетбольнай каманды ДУА “Сярэдняя школа №1 г. Івацэвічы”